На двары быў 1514 год, мінаў трэці год вайны з Вялікім Княствам Маскоўскім. Я атрымаў ліст з гербавай пячаткай ад вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага.
“Вітаю Цябе, мужны Шляхціц!
Нялёгкія часы надыйшлі для Бацькаўшчыны нашай, Вялікага Княства Літоўскага. Зламысьнік Маскоўскі Князь Васіль на чале 80-тысячнага войска наваліўся на Смаленск, захапіў горад і спаліў яго вагнём.
Але і на гэтым ён не запыніўся! Ён узяў Крычаў, Амсьціслаў і Дуброўну. Зараз жа рушыў ён сваё войска на Воршу. Калі горад і цьвярдыня падуць, ворагу будзе адкрыты шлях да самага сэрца нашае Радзімы.
Мы, Вялікі Князь Літоўскі Жыгімонд і Вялікі Гетман Канстанцін Астрожскі, заклікаем цябе, адважны паніч, сядлаць свой баявы ровар і прыбыць у горад Менск не пазьней за 28-га чэрвеня, каб стаць у шэрагі паспалітага рушэньня і выступіць насустрач непрыяцелю!
Хай Бог Вам раіць!”
Нагадваем, што кожны шляхціч павінен выставіць адно кап'ё. Што складаецца з аднаго таварыша й двух пачтовых (3 чалавекі).
Кожны шляхціч з сабой павінен мець:
Пяро і аркуш паперы, каб рабіць нататкі падчас паходу
Паходню, каб асьвятляць свой шлях у цемры
Тузін-другі паштовых галубоў, каб адпраўляць весткі вялікаму гетману ці да дому (калі галубы ваклікаюць ў вас складанасьці, сойдзе мабільны тэлефон з выхадам у інтэрнэт:)
наяўныя грошы - 10т. рублёў дробяз'ю
Неабходна навучыць сваіх галубоў-тэлефоны размаўляць па-беларуску. Дапамагчы ў гэтым вам можа, напрыклад, праграма moVa ад Velcom - для адроід ды iOS. Ці іншыя.
посуд на фініш - лыжкі, талеркі, кубкі
паклапаціцеся аб запасных батарэях для тэлефонаў
Агульная інфармацыя па гульні:
маршрут - блізу 30 км
дарогі - розныя, "шоссеры" настойліва не раім
час лідара - 5 гадзін
навічкам раім прыцягнуць дапамогу штаба, прынамсі на першыя 2-3 узроўні. Каб мінімалізаваць затупы на старце.
У гульні прыме ўдзел ня больш за 25 каманд.
Сачыце за абнаўленнямі, з цягам часу інфармацыя будзе дадавацца .
Узьнёсак на гульню можа быць зьменьшаны, пры наяўнасьці вялікай колькасьці каманд.
На фінішы гульні, з нагоды Перамогі, мы прапануем Вам застацца ў жывапісным месцы на сьвяточную гасьціну. А пры наяўнасьці добрага надвор'я, можна нават зладзіць намётавае мястэчка і працягнуць свята да нядзелі.
Калі ласка, хто захоча нам на старце аддаць якія рэчы для завозу на фініш (намёты і г.д.), паведамьце калі ласка загадзя, каб мы разлічвалі колькасьць неабходных аўто.
Як вы можаце пабачыць на нашам новам банэры, у нас з'явіўся спонсар! Гэта LSTR Adzienne, якія ласкава пагадзіліся даць прызы для пераможцаў! :)